МАЙДАН ЭЎРОПЫ 14 ТРАСЯНКА

Описание к видео МАЙДАН ЭЎРОПЫ 14 ТРАСЯНКА

МАЙДАН ЭЎРОПЫ-14 ТРАСЯНКА!

Хімічная атака на Марыюпаль, атака на Ўкраіну, атака на цывілізацыю. Хто сказаў, што нельга? Можна. Яшчэ як можна! І ў гэтым нічога дзіўнага, нічога незвычайнага. Бо што вы хацелі ад рускага міру? Ад міру, якому няведама чалавечае аблічча, спагада, справядлівасьць. Ад міру дзе ўнітаз – прыкмета прагрэсу, асфальт і вулічнае асьвятленьне ў вёсках – старонкі з разьдзелу навуковай фантастыкі, а пракладкі й тампоны – галоўныя героі мараў і сноў прыгажуняў, якія цьвёрда вяртаюцца да любых сэрцу кожнага рускамірца сварафанаў і, казаў той, какошнікаў з набалдашнікам, да касаваротак, зіпуноў армякоў, лапцей і чаго там яшчэ!
О, мы не такія! Вядома, мы не такія. Мы лепшыя, бо ўнітаз нам не навіна, асфальт у вёсках больш-менш, а пракладкі й тампоны, як казаў некалі зацьвілы кватарант маўзалею, аб'ектыўная рэальнасьць, дадзеная нам у нашых адчуваньнях.
Колькі яшчэ можна трываць гвалт і зьдзекі, зьнявагі й абразы, колькі можна патураць ім, браць у іх удзел, у той час, як першы крок да супраціву ляжыць у нас саміх?
І гэта ня выхад на вуліцу, не партызанская вайна, не абурэньні на кухні. Усё значна прасьцей. Першы крок да супраціву – мова. Забі ў сабе рускамірца, або, як сьпяваў украінец Орэст Лютый “убій у собі москаля”. Бо ўкацапленьне й маскалізацыя пачынаюцца менавіта з таго, на якой мове ты гаворыш. Хто б мог падумаць? Праўда? Але... Маючы ў вуснах іхную мову ты аўтаматычна робісься часткай іхнай культуры, нават калі сам так ня лічыш, сам таго не заўважаеш.
Нашыя продкі пакінулі нам добрае выратавальнае кола назва якому – трасянка. Трасянка – галоўны адважны крок у бок вяртаньня да самога сябе, у бок адыходу ад рускага міру. Гэта пачатковае абазначэне сваёй пазіцыі: я ня зь імі, маё сэрца зачыненае і для іх, і ждя іхных жыцьцёвых прынцыпаў, іхнага сьветагляду, іхнай уяўнай пыхліва-фанабэрыстай вышэйшасьці.

* * *
Мой боль ня толькі Украіна –
За ёй уласны не схаваць,
І тхне духовым гераінам
Зямляк, што ходзіць жабраваць
Чужыя моўныя багацьці,
Свае зьнішчаючы штодня,
Хто кватаруе ў роднай хаце,
Чый лёс бясконцая хлусьня.

18 сакавіка 2022.

* * *
Беларускамоўных камуністаў,
Беларускамоўных КГБістаў,
Беларускамоўных эгаістаў,
Себялюбаў, гадаў, кар’ерыстаў,
Бачыў я. Яны ў жыцьцёвай дзірцы
Як мука і малако ў зацірцы...

Шмат я стрэў багатых, болей голі,
Шмат асілкаў і нямала кволі,
Безьліч дурняў, мудрацоў даволі,
Але я ня бачыў аніколі
Ні ў жыцьці, ні штучна – у прабірцы –
Беларускамоўных рускамірцаў.

16 сакавіка 2022.

Вяртаймася да мовы!

Слава Ўкраіне!
Жыве Беларусь!

Малюнак узяты на старонцы: http://zazamuhh.blogspot.com/2018/02/...

Комментарии

Информация по комментариям в разработке