Ня быў я ў тых мясцінах гадоў, мабыць, восем. Усё неяк побач прытуляўся з намётам, каб прабавіць трохі часу на беразе Нёмана, ці проста са спінінгам швэндаўся непадалёк, а зазірнуць у выбітны Любчанскі замак чамусьці нават не намагаўся. Ёсць падазрэнні, што, ведаючы, так бы мовіць, пра радыкальную рэстаўрацыю, не хацелася расчаравацца, пабачыўшы страчаныя, хоць і рэшткавыя, але ўсё-ткі сведчання даўніны. І вось нарэшце наважыўся, калі паступіла прапанова ад сябра схаўрусавацца.
І атрымалася нечаканае: магчыма, знудзіўшыся па дальніх вандроўках, уразіўся часткова новымі краявідамі так, што больш нікуды ў той дзень ехаць не захацеў. Так і працёгаліся ўвесь час па наваколлю Любчы. Дзесьці з вудаўём, чакаючы “прывітання” ад мясцовага драпежніка, дзесьці са здымачамі, каб нарыхтаваць рознага кшталту матэрыялаў. Мо будзе калі ў непагадзь прыдатны настрой, каб прагледзець старыя здымкі ды параўнаць з новымі, занурыцца ў мінулыя падарожжы, прасякнуцца гістарычнымі звесткамі, што калісьці вышукваў, нікаючы па шафах ды каталожных картках бібліятэк. Карацей, значная частка знятага будзе чакаць спрыяльнага часу, а я пакуляка распавяду трохі пра рыбалоўлю.
Яна цалкам адпавядала таму настрою, што ёй папярэднічаў, калі хадзілі з сябрам па замкаваму берагу і двару. Захопленасць дзівотлівымі, уражальнымі вакаёмамі ды асаблівай гожасцю лістападаўскай цішыні і шэрасці, якая быццам закалыхала любчанскае наваколле, суправаджала і на павілястым нёманскім узваллі.
Неяк спакваля і рыбу на гапліку перасталі чакаць, але цягнула мяне на адну рачную букту, ранейшыя наведванні якой звязаныя з хвалюючымі ўспамінамі. Працерабіўшыся праз хмызы ды ройсты, на тым водмуце і спаткалі асноўныя рыбалоўныя падзеі.
Ужо амаль цемначы пашчасціла трапіць на непрацяглы ўсплёск актыўнасці тутэйшага хіжака, які мы нават прадбачылі, калі заўважылі пырскі ля дальняга берага. Няйначай, нейкі драпежнік у сутонні паляваць выйшаў. Аказаўся ён някепскім зухаватым акунём. Што і казаць, сапраўды пашэнціла – маглі ўвогуле тамака не апынуцца. А так надарылася цудоўнае заканчэнне той адметнай лістападаўскай вандроўкі.
Информация по комментариям в разработке