Парафіяльная ўрачыстасць у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
8 верасня 2025
00:00 Пачатак
05:52 Уступнае Слова
06:52 Чытанне Псальм
08:02 Казанне
12:45 Вiншаваннi Арцыбіскупа
14:06 Асвячэнне Абраза
16:38 Першая Працэсiя
21:04 Слова Арцыбіскупа
24:51 Канстанцыя (Канстанцыя Лявонцьеўна Шаховіч)
Увечары 8 верасня вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі з удзелам іерарха, святароў і манаскіх асоб адзначылі сваё парафіяльнае свята.
На святкаванне па запрашэнні мясцовага пробашча ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча з’ехаліся госці з розных куткоў архідыяцэзіі. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Урачыстасці папярэднічала глыбокая духоўная падрыхтоўка ў выглядзе парафіяльных місій, якія прайшлі з 31 жніўня па 7 верасня. У апошні дзень місій у Заслаўе завітаў таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, а таксама асвяціў вітраж і місійны крыж.
Перад пачаткам супольнай эўхарыстычнай малітвы ў свята Нараджэння Багародзіцы вернікі выканалі шмат прыгожых марыйных спеваў, пасля якіх пробашч заслаўскага касцёла цёпла прывітаў усіх прысутных, у тым ліку дастойнага іерарха Юзафа Станеўскага і сабратоў у святарстве, а менавіта ксяндза каноніка Яна Крэміса, пробашча парафіі Святога Духа ў Мінску, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пробашча архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, ксяндза каноніка Ігара Лашука, пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах, ксяндза каноніка Андрэя Яркаўца, пробашча парафіі святога Міхала Арханёла ў Багданаве, ксяндза каноніка Юрыя Быкава, пробашча парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах, ксяндза Анатоля Парахневіча, пробашча парафіі ў Альковічах, ксяндза каноніка Юрыя Ясевіча, сакратара Мітрапаліта і мітрапалітальнай курыі, ксяндза Андрэя Сіповіча, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску, а таксама сясцёр дамініканак, што служаць у Заслаўі.
На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў пробашчу Антонію Клімантовічу за запрашэнне і, працытаваўшы выказванне святога Аўгустына «Бог дае вецер, а чалавек павінен рашыцца распусціць ветразі», заахвоціў прысутных супрацоўнічаць з Божай ласкай.
Падчас гаміліі іерарх засяродзіўся на важнасці падзеі Нараджэння Панны Марыі ў гісторыі збаўлення, пра што сведчылі біблійныя тэксты дня з Кнігі прарока Міхея і Евангелля паводле Мацвея аб нараджэнні Езуса.
Ён таксама падкрэсліў, што ў свой час святы Папа Ян Павел ІІ казаў, што
«хто хоча выконваць евангельскія наказы, той павінен наведваць урокі ў школе Панны Марыі, бо Яна найлепшая і вучаніца, і настаўніца Евангелля».
Мітрапаліт адзначыў, што вернікі ў Беларусі аддана ўшаноўваюць Багародзіцу, чаму сведчаннем з’яўляюцца летнія пілігрымкі ў марыйныя санктуарыі, у тым ліку нядзельны фэст у Бялынічах, які сёлета сабраў болей за 700 удзельнікаў і чакае яшчэ большую іх колькасць наступнай восенню, калі будзе адзначацца 265-годдзе каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі.
Таму, на думку іерарха, такі фэст у Заслаўі таксама закранае, падбадзёрвае, цікавіць.
«Вядома, што свята Нараджэння Панны Марыі называюць святам Маці Божай Сеўнай. І нездарма.
Зерне, кінутае ў глебу, памірае і дае плён, з якога пасля мы маем хлеб. Марыя дае нам больш ― Яна дае нам хлеб Жыцця»,
― правёў аналогію прамоўца.
Мітрапаліт падсумаваў, што да Бога вядзе шмат дарог, як вучылі святы Аўгустын і Папа Бэнэдыкт ХVI, і мы, як Марыя, павінны шукаць і выконваць волю Бога ў сваім жыцці. Fiаt Марыі — гэта ўзор для нас, таму мы павінны быць не толькі пілігрымамі, але і апосталамі надзеі.
У працяг гэтай думкі іерарх пажадаў мясцовай супольнасці, каб праз год у парафіі было ў два разы больш вернікаў, і даў парафіянам «хатняе заданне»: прывесці двух новых членаў у супольнасць.
«А як хто прывядзе трох новых, то можна і званне прафесара рэлігіі прысвоіць», ― жартам дадаў арцыпастыр, завяршаючы гамілію.
..
Напрыканцы Імшы парафіяне падзякавалі Мітрапаліту за ўзначаленне цэлебрацыі і пракаментавалі, што з імпэтам успрынялі евангелізацыйнае заданне.
Далей наступіла асвячэнне арцыпастырам абраза Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца ў прэзбітэрыі над уваходам у катэхетычны клас.
Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, якую завяршыў урачысты спеў «Цябе, Бога, праслаўляем» і пастырскае благаслаўленне.
Заканчэнне ўрачыстасці вернікі упрыгожылі вельмі кранальным мясцовым спевам «Каралева Анёлаў у заслаўскай святыні, умацуй нашу веру…», пасля чаго Мітрапаліт падзякаваў пробашчу заслаўскай парафіі за запрашэнне, за добраўпарадкаванне святыні і тэрыторыі вакол яе, а таксама выказаў надзею на тое, што парафіяне выканаюць «хатняе заданне» і будуць часцей распавядаць пра сваю парафію і святыню ў сваіх асяроддзях.
Информация по комментариям в разработке